Топ-100
Back

ⓘ Англійская кухня - кухня, якая не карыстаецца ў наш час вялікай папулярнасцю ў свеце, але аказала пэўны ўплыў на фармаванне комплексу страў, уласцівых агульнаеў ..




Англійская кухня
                                     

ⓘ Англійская кухня

Англійская кухня - кухня, якая не карыстаецца ў наш час вялікай папулярнасцю ў свеце, але аказала пэўны ўплыў на фармаванне комплексу страў, уласцівых агульнаеўрапейскай кулінарыі. Сярод арыстакратыі Рэчы Паспалітай асобныя стравы англійскай кухні пачалі распаўсюджвацца ў 2-ой пал. XVIII ст., спачатку пры пасярэдніцтве французскай кухні, пазней дзякуючы высокай рэпутацыі англійскай культуры ў эпоху прамысловай рэвалюцыі. У сяр. XIX ст. з Англіі прыйшла мода на нятлустую свініну, гарбату, сэндвічы, ром, пудынгі і іншыя. У Англіі была вынайдзеная блізкая да сучаснай кухонная пліта, якая пачала распаўсюджвацца ў заможных дамах у 1830-х гг. пад назвай англійскай. Самастойная рэцэпцыя бел. шляхтай англійскіх звычаяў спынілася пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг.

У другой палове XX ст. Англія найбольш прычынілася да распаўсюджвання ў Еўропе кулінарных традыцый сваіх былых калоній асабліва Індыі, напр. кары ды інш. нееўрапейскіх краін Кітая, Японіі і сёння з’яўляецца самай касмапалітызаванай у гастранамічным сэнсе нацыяй у Еўропе. З уласна англійскіх традыцыйных страў захоўваюцца пудынгі, якія гатуюць і як асноўныя і як дэсертныя салодкія фруктовыя стравы. Г.зв. чорны пудынг на самой справе з’яўляецца аналагам беларускай крывянкі. Папулярнай нац. стравай з’яўляецца вадкая аўсяная каша - порыдж, якую звычайна ядуць на сняданне. Англія мае развітую малочную гаспадарку, вырабляе некалькі славутых нацыянальных гатункаў сыроў стылтан, уэнзлідэйл і інш.; на пач. XX ст. вялікую папулярнасць мела імпартаванае з Беларусі дзісенскае масла. Англічане спажываюць вельмі мала хлеба, але шмат рыбы і морапрадуктаў асабліва любяць смажаную рыбу са смажанай бульбай, фіш энд чыпс, мяса нятлустых гатункаў з соўсамі – мятным, кетчупам і г.д. Найбольш папулярнымі стравамі у грамадскім харчаванні ў апошнія дзесяцігоддзі з’яўляюцца асарты з крэветак, стэйк гарні і шварцвальдскі вішнёвы торт.