Топ-100
Back

ⓘ Беларуская кухня. Белару́ская ку́хня фарміравалася на аснове страў і прыёмах гатавання агульных для ўсіх славянскіх і іншых індаеўрапейскіх народаў - балцкіх, г ..




Беларуская кухня
                                     

ⓘ Беларуская кухня

Белару́ская ку́хня фарміравалася на аснове страў і прыёмах гатавання агульных для ўсіх славянскіх і іншых індаеўрапейскіх народаў - балцкіх, германскіх і інш., якія фарміраваліся на працягу многіх тысячагоддзяў. Да нядаўняга часу ў рацыёне большасці насельніцтва Беларусі абсалютна пераважалі вегетарыянскія стравы - са збожжа, бабовых культур, агародніны, малака і малочных прадуктаў, насення лёну і канапель, прадуктаў збіральніцтва - грыбоў, ягад, садавіны, мёду. Традыцыйная беларуская кухня вельмі блізкая да літоўскай. На працягу 13 - 19 ст. на яе фарміраванне аказвалі значны ўплыў польская і нямецкая кухні, а таксама кухні нацыянальных меншасцей - яўрэйская і татарская, у меншай ступені французская, італьянская, венгерская і англійская. З 19 ст. найбольшы ўплыў аказвае руская кухня.

                                     

1. Стравы

Аснову сельскай гаспадаркі беларусаў здаўна складала вытворчасць збожжа. Асноўным прадуктам харчавання быў хлеб з жытняй мукі, часта з дадаткамі ячменнай, пшанічнай, грэцкай, аўсянай. Адносна распаўсюджанай была выпечка з грэцкай мукі. Мучныя вырабы з пытляванай пшанічнай мукі выпякаліся ў асноўным на святы. Дагэтуль жытні хлеб у Беларусі ў вялікай пашане, з ім ядуць і першыя, і другія стравы. Апроч хлеба, з мукі вараць кашы, робяць клёцкі, лазанкі, калдуны і інш. Cамая папулярная гародніна - капуста, якую вараць, тушаць, квасяць і выкарыстоўваюць для гатавання розных страў, напрыклад бігасу, а таксама буракі, з якіх у прыватнасці гатуюць халаднік, і морква.

Цяпер круглы год не сыходзіць са стала бульба, з якой у Беларусі ўпершыню пазнаёміліся ў 18 ст., пачалі вырошчваць на пач. 19 ст., да канца 19 ст. яна стала асновай рацыёну. Бульбу вараць, тушаць, смажаць, запякаюць, фаршыруюць. З яе гатуюць супы, салаты, піражкі і хрушчы. Смачная бульба ў спалучэнні з грыбамі, свінінай. Асабліва вядомыя стравы з сырой дранай бульбы запазычаныя калісьці з нямецкай кулінарыі - бабка, дранікі, клёцкі, капытка.

                                     

1.1. Стравы Мясныя

Мясныя стравы даўней гатавалі ў асноўным на святы, пераважна зімовыя. Дзічына таксама была найбольш даступная ўвосень і зімой. Сярод мясных прадуктаў асноўнае месца займалі вырабы са свініны, значна меней, але больш як сёння, спажывалася бараніны, яшчэ менш - ялавічыны. Свіней забівалі пераважна ў лістападзе-студзені, а таксама вясной; найбольш часта перад Калядамі, што з’яўляецца старажытным, яшчэ з паганскіх часоў, звычаем. З нарэзанага мяса або мяснога фаршу выраблялі кілбасы; з пячонкі, крыві з дадаткам мукі, крупаў - кішку; свіныя страўнікі таксама начынялі фаршамі ; вырабялі студні, сальцісоны, рулеты, вэндзілі шынкі - свіныя лапаткі са скурай, кумпякі - лапаткі без скуры, якую салілі разам з салам, рэбры, галёнкі - верхнія часткі ног, аддзеленыя ад шынак і кумпякоў, свіныя вушы. Саланіну, каўбасы, вяндліну захоўвалі да цяжкіх сельскагаспадарчых работ - сенакосу, жніва. У сённяшняй беларускай кулінарыі перавагу аддаюць мясу, тушанаму з агароднінай і грыбамі, запечанаму з сырам і г.д. Адна з найбольш вядомых страў - мачанка. Прыправы - перац, каляндру, часнок, пятрушку і інш. - выкарыстоўваюць памяркоўна.

                                     

1.2. Стравы З хатняй птушкі

З хатняй птушкі найбольш звыклымі былі куры, качкі, гусі; у 16 ст. з’явіліся індыкі. Асноўнай мэтай гадоўлі птушкі было атрыманне яек. У сялянскім рацыёне птушынае мяса было рэдкасцю, яго спажывалі пераважна як дыетычную ежу пры хваробах, часцей прадавалі на рынку ці выплочвалі ў якасці натуральнай даніны. Традыцыйным дэлікатэсам былі вэнджаныя "паўгускі", вяленыя качкі. Печаная ці смажаная гусь з грыбамі, ці фаршыраваная кашай - традыцыйная беларуская страва, вядомая з многіх літаратурных крыніц.

                                     

1.3. Стравы Малочныя

Малочных прадуктаў раней спажывалася значна меней, чым сёння менш за 100 л. на чалавека ў год у пераліку на цэльнае малако. Мясцовая "чырвоная" парода буйной рагатай жывёлы не вызначалася высокімі надоямі, а значную частку статка складалі валы. Асноўным сродкам кансервацыі і галоўнай формай спажывання малака быў тварожны сыр, які елі пераважна ў святы. Тварожны сыр высушваўся да крамянасці, яго крышылі нажом або смакталі як цукеркі. Больш распаўсюджаным, чым сёння, быў сыр з казінага малака. Ферментаваны сыр сычужны быў да 18 стагоддзя экзатычным відам імпарту, мала вядомым нават прывілеяваным саслоўям. Яго мясцовая вытворчасць пачалася толькі ў 19 стагоддзі. Яшчэ менш, чым сыр, ужывалася смятана і масла, якімі, як і цэльным малаком, "забельвалі" супы, кашы і іншыя стравы. Больш спажывалі раслінны тлушч у форме алею - ільняны і канапляны, у вышэйшых саслоўях часам і аліўкавы. Алеем штодзённа запраўлялі кашы, прыпраўлялі селядцоў.

                                     

1.4. Стравы Рыбныя

Рыба ў Беларусі спажывалася пераважна мясцовая, прэснаводная, асабліва шмат у перыяд пастоў. Папулярнымі былі ліні, асятры, шчупакі, мянтузы, ляшчы, акуні і г.д., з якіх варылі юшку, рабілі рыбныя клёцкі - галкі, а таксама вендзілі, салілі. Селядцы былі ці не адзінай марской рыбай, даступнай, хаця б на святы, усім пластам грамадства. Прывілеяваныя класы калі-некалі спажывалі таксама траску.

Найбольш сытным перыядам у годзе быў прамежак паміж Калядамі і Масленіцай, г.зв. мясаед, калі спажывалася найбольш мясных прадуктаў. Такі рытм у пэўным сэнсе дапамагаў прыстасавацца да дэфіцыту асноўных прадуктаў харчавання. Вясной запасаў ежы бракавала, тады меню разнастаілі шчаўём, крапівой, баршчэўнікам, лебядой, карэннем заячай капусты, бацвіннем, маладымі парасткамі хвоі, "мязгой" - яшчэ не зацвярдзелай абалонай асіны і бярозы. Голад быў звычайнай з’явай у жыцці прыгоннай вёскі, а ў часы неўраджаяў, войн, эпідэмій - таксама ў гарадах.

                                     

2.1. Напоі Алкагольныя

Самымі старажытнымі алкагольнымі напоямі былі піва і мёд. Піва выраблялася толькі верхняй ферментацыі, звычайна малога мацунку 2-3 аб.%, але спажывалася ў знач. колькасці, у пэўным сэнсе замяняючы прахаладжальныя напоі. Піва было нетрывалым, але яго варылі асабліва ў фальварках досыць часта. У параўнанні з сучаснасцю значна больш распаўсюджаным было піва цалкам ці часткова з пшанічнага соладу "белае". Піўныя поліўкі да 19 ст. замянялі сярэдняму класу каву і гарбату. Пітны мёд, у залежнасці ад прапорцыі мёду і вады і ступені перагонкі, меў мацунак ад 12 % да 50 %; асабліва цаніўся мёд, які "сыцілі" ў Каўнасе. У адрозненне ад Расійскай дзяржавы, вытворчасць і спажыванне алкагольных напояў былі істотна дэцэнтралізаваныя. Хаця сяляне мусілі набываць іх толькі ў корчмах, што належалі іх панам, яны маглі вырабляць пэўную колькасць самастойна на галоўныя царкоўныя святы або на вяселле; магдэбургскія гарады мелі на выключнае права вытворчасці і продаж напояў у корчмах, што належалі магістратам; існавалі таксама адмысловыя мядовыя брацтвы, сябры якіх мелі права самастойнага вырабу пэўнай колькасці напояў у канун вялікіх святаў.

Віно ўжывалася ў літургічнай практыцы праваслаўнай і каталіцкай царквы, а таксама было артыкулам раскошы. Яно імпартавалася з Грэцыі і Малдовы мальвазія, царкоўныя кагоры, з 16 ст. найбольшую папулярнасць сярод шляхты набыло віно з Венгрыі асабліва такай. У 17-18 ст. пашырылася мода на рэйнскія, якія ў Рэчы Паспалітай пілі з цукрам, і французскія віны. Гарэлка вино горелое з’явілася ў ВКЛ у канцы 15 ст. і па меры змяншэння выдаткаў на яе вытворчасць паступова выцясняла піва і асабліва мёд, з кан. 17 - пач. 18 ст. заняўшы месца асноўнага алкагольнага напою. У залежнасці ад ступені дыстыляцыі яе мацунак вагаўся ад 15-20 % г.зв. простая да "акавіты" каля 70 %. Папулярнымі напоямі шляхты былі розныя лікёры, настойкі і наліўкі на аснове гарэлкі, з дадаткам зёлак, мёду, спецый, ягад, цукру - зуброўка, крупнік, крамбамбуля, траянка і г.д.



                                     

2.2. Напоі Неалкагольныя

З неалкагольных напояў у беларусаў былі папулярныя бярозавы і кляновы сокі, якія нарыхтоўвалі ў сакавіку, спажывалі не толькі ў свежым, але і ў зброджаным вылядзе: злівалі ў кадку, дадавалі дрожджы, некалькі галінак парэчак для паляпшэння смаку і насыпалі авёс, які, прарастаючы на паверхні, ахоўваў сок ад пылу. Такі напой мог захоўвацца да сенакосу; у Польшчы "бярозавая юшка" служыла аб’ектам сталых кпінаў над літоўцамі і беларусамі. Іншым традыцыйным напоем быў хлебны квас, які выраблялі досыць салодкім. І квас, і бярозавы сок летам выкарыстоўвалі для прыгатавання халаднікоў. Папулярнымі былі адвары розных зёлак ліпавага квецця, дзіванны, збіцень, узвары з яблыкаў, груш.

Кава распаўсюдзілася ў Рэчы Паспалітай з канца 17 ст. традыцыйна лічыцца, што першая буйная партыя трапіла як трафей пры перамозе над туркамі ў Венскай бітве 1683). Вельмі хутка кава набыла вялікую папулярнасць сярод шляхты і мяшчан і пачала лічыцца адным з "сармацкіх" нацыянальных сімвалаў; ніжэйшыя саслоўі імітавалі каву з пражаных жалудоў, ячменя, цыкорыі. З гарбатай шляхта пазнаёмілася ў сяр. 18 ст., але да падзелаў дзяржавы яна так і не набыла папулярнасці, маючы рэпутацыю толькі аптэчнага сродку.



                                     

3. Рахунак стратаў

За савецкі перыяд з побыту беларусаў вымыліся не толькі стравы былых прывілеяваных класаў, але і істотна спрасцілася і збяднілася і меню нашчадкаў былых прыгонных сялян, якое ў асноўным уніфікавалася з меню ўсяго насельніцтва былога СССР, асабліва з рускімі. Амаль цалкам зніклі многія карняплоды бручка, пастарнак і г.д., бабовыя расліны бабы, сачавіца выпечка з грэчаскай мукі, традыцыйныя прыправы мацярдушка, бядрынец і г.д., многія венджаныя вырабы паўгускі, кіндзюк, стравы з бараніны, канапланага насення, традыцыйныя гатункі сыру і масла і г.д.

Гісторыю харчавання, кулінарыі і гастранаміі ў Беларусі можна ўмоўна падзяліць на некалькі перыядаў:

  • Харчаванне ў перыяд Расійскай імперыі 1772 - 1917
  • Харчаванне ў перыяд ВКЛ сяр. 13 ст. - 1795
  • Харчаванне ў савецкі перыяд 1917 - 1991
  • Харчаванне ў дагістарычны і старажытна-рускі перыяд
  • Харчаванне ў перыяд незалежнай Беларусі з 1991

Першыя польскія кулінарныя кнігі - "Compendium ferculorum" кухмістра Ст. Чарнецкага 1682, "Кухар дасканалы" В. Вялёндкі 1786 - атрымалі адносна шырокае распаўсюджанне і ў ВКЛ. Спробы зафіксаваць і сістэматызаваць традыцыі прыгатавання, захоўвання і спажывання ежы і пітва ў кнігах у Беларусі пачаліся толькі ў 19 ст. - "Кухар добра навучаны" 1830 Я. Шытлера, "Літоўская гаспадыня" Г. Цюндзявіцкай 1848, "Кухарка літоўская" В. Завадскай 1874.

Пасля рэформы 1861 года і асабліва пад час аграрнага крызісу 1880-х гадоў узрасла цікавасць да матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага сялянства, якая ў гэты час імкліва пазбаўлялася спадчыны прыгонніцтва. Пачынальнікі беларускай этнаграфіі фіксавалі рэцэпты традыцыйных народных страў, рытуалы спажывання ежы і прылады яе прыгатавання і г.д.

Аднак гэтая праца насіла бессістэмны характар. Разам з тым, палітычныя катаклізмы першай паловы 20 ст. цалкам знішчылі цэлыя сацыяльныя класы былой Беларусі - шляхту і мяшчанства, носьбітаў больш высокай матэрыяльнай і духоўнай культуры, у тым ліку кулінарнай. Ідэя пра існаванне ці магчымасць рэканструкцыі ўласна беларускай нацыянальнай кухні ўзнікла значна пазней, толькі пасля Другой сусветнай вайны, і да канца 20 ст. адзінай крыніцай такой рэканструкцыі лічылася этнаграфічная спадчына былога прыгоннага сялянства, зафіксаваная ў перыяд распаду яго традыцыйнага ладу жыцця.

Задача стварэння паўнавартаснай беларускай нацыянальнай кулінарнай і гастранамічнай культуры, якая абапіраецца як на "народныя", так і на "высокія" традыцыі, дагэтуль застаецца актуальнай.

                                     

4. Спасылкі

  • Аляксадра Парахня: Традыцыйная стравы Мядзельшчыны непаўторныя сярод беларускіх // "Рэгіянальная газета"
  • На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Беларуская кухня