Топ-100
Back

ⓘ Ян Якуб Офенберг - лекар, грамадскі дзеяч, барон. З баронскага роду Офенбергаў. У 1882 падчас навучання ў Мінскай гімназіі разам з братам Стафанам заснаваў тайн ..




                                     

ⓘ Ян Якуб Офенберг

Ян Якуб Офенберг - лекар, грамадскі дзеяч, барон. З баронскага роду Офенбергаў.

У 1882 падчас навучання ў Мінскай гімназіі разам з братам Стафанам заснаваў тайны гурток "Самаадукацыйнае кола". Пасля заканчэння гімназіі ў 1885 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Быў у групе студэнтаў, што вітала прыезд з Швейцарыі Зыгмунта Баліцкага і яго праект палітычнай арганізацыі "Zet". У 1889 - 1890 стаў актыўным членам гэтай арганізацыі, адным з кіраўнікоў яе варшаўскай групы. Уваходзіў таксама ў Лігу Польскую, а потым у Нацыянальную Лігу.

У 1890 пасля заканчэння Варшаўскага ўніверсітэта пачаў працаваць урачом у Радашковічах. Адначасова працягваў вучобу ў інтэрнатуры Варшаўскага ўніверсітэта. У 1898 пасля заканчэння інтэрнатуры пераехаў у Мінск. У 1902 - 1903 сакратар Мінскага таварыства ўрачоў. У 1902 пасля смерці галоўнага ўрача шпіталя Мінскага таварыства дабрачыннасці Томаша Віткоўскага заняў яго пасаду. Пасля стаў кіраўніком будаўніцтва новага шпіталя таварыства, які быў адкрыты ў 1906. Дзякуючы гэтаму бедната атрымала магчымасць на бясплатнае высокакваліфікаванае лячэнне. У тым самым годзе пабраўся шлюбам з Аляксандрай Іосіфаўнай Жылінскай - дачкой вядомага ў краі генерала-гідратэхніка.

Быў звязаны з беларускімі нацыянальнымі дзеячамі. Прымаў удзел у першай спробе пастаноўкі спектаклю Ядвігіна Ш. паводле песы "Злодзей". Пад уплывам Магдалены Радзівіл выйшаў са складу польскай нацыяналістычнай Нацыянальнай Лігі і да пачатку Першай сусветнай вайны займаўся выключна доктарскай практыкай на пасадзе галоўнага ўрача шпіталя Чырвонага Крыжа Мінскага таварыства дабрачыннасці. Ёсць звесткі, што быў знаёмы з Янкам Купалам.

З 1918 прымае актыўны ўдзел у палітычным жыцці Беларусі і Мінску як член Камітэта польскіх саюзаў і арганізацый. Калі ў сакавіку 1919 радзе камітэта ў складзе 5 чалавек давялося перайсці на нелегальнае становішча, заставаўся яе віцэ-прэзідэнтам. Адначасова быў членам Акруговай Рады горада Мінска. У перыяд польскай акупацыі зяўляўся паўнамоцным прадстаўніком Польскага Чырвонага Крыжf, арганізаваў у Мінску шпіталь і быў кіраўніком гарадскога аддзела гэта арганізацыі. Уваходзіў у кіраўніцтва Польскай школьнай рады Мінскай зямлі. 21 сакавіка 1919 удзельнічаў у зездзе прадстаўнікоў паветаў і грамадскіх згуртаванняў Міншчыны. Меркавалася, што гэты зезд пакладзе пачатак установе, якая будзе выказваць польскаму ўраду пажаданні беларускага народа ў арганізацыі свайго жыцця.

З надыходам савецкіх войскаў быў вымушаны перабрацца ў Польшчу. У Варшаве ён год працаваў на пасадзе ардынатара шпіталя Макатоўскага, пазней перайшоў на іншае месца працы. Ён знаходзіўся ў Варшаве ў гады нямецкай акупацыі і ўдзельнічаў у паўстанні 1944 года. Пахаваны ў Варшаве на Павязкоўскіх могілках.

Быў узнагароджаны польскімі ўрадавымі ўзнагародамі: Крыжам Незалежнасці, Ордэнам Адраджэння Польшчы 4-й ступені, іншыя.

                                     

1. Працы

  • Morszyn pod względem leczniczym 1923;
  • Ostatnia choroba Adama Mickiewicza 1939.
  • Z dziejów Organizacji Polskiej Młodzieży Szkolnej na Kresach 1922;
  • Z dziejów Mińskiego Towarzystwa Dobroczynności 1906;